Дзяржаўная ўстанова культуры «Глыбоцкі гісторыка-этнаграфічны музей»

30 снежня 1997 г. ў будынку гарсавета (помнік архітэктуры першай паловы XX ст.) гасцінна адчыніў свае дзверы для наведвальнікаў Глыбоцкі гісторыка-этнаграфічны музей. Экспазіцыя музея складаецца з 7 залаў і знаёміць з гістарычнай спадчынай раёна. Пры афармленні многіх залаў музея ўжыты інтэр'ерны паказ: яўрэйская лаўка, вясковая хата, кузня, пакой заможнага местачкоўца і інш. Штогод музей прымае звыш 30 тысяч наведвальнікаў. На 01.01.2012 г. у музеі захоўваліся 10655 адзінак асноўнага фонду. Найбольшую каштоўнасць прадстаўляе сёння калекцыя жывапісных работ мастака Язэпа Драздовіча. Супрацоўнікамі музея распрацаваны комплекс музейных экскурсій па гістарычных мясцінах горада і раёна: «Манастырскі панадворак» (наведванне касцёла Беззаганнага Зачацця Найсвяцейшай Дзевы Марыі і кляштара ордэна францысканцаў у в. Удзела), «Сцежкамі Мосарскай гісторыі» (наведванне культурна-дэндралагічнага комплексу в. Мосар), «Таямніцы кармеліцкага кляштара» (наведванне царквы Раства Багародзіцы ў Глыбокім) і інш. Апошняя распрацоўка супрацоўнікаў музея — гісторыка-краязнаўчае падарожжа «Па дарозе да дзядзькі Ігната». Падарожжа ўключае наведванне некалькіх гістарычных аб'ектаў па дарозе з Глыбокага да в. Празарокі (радзіма Ігната Буйніцкага).

У 2005 г. створаны філіял музея — культурна-дэндралагічны комплекс у в. Мосар. Вядомасць мястэчку прыйшла дзякуючы ксяндзу Юзасу і працалюбівым парафіянам. На тэрыторыі комплексу створаны жывапісныя алеі, скульптурныя кампазіцыі рэлігійнай тэматыкі, малыя архітэктурныя формы, дагледжаныя кветнікі, альтанкі, штучныя вадаёмы і інш. Дзейнічае этнаграфічны музей, экспазіцыя якога адлюстроўвае гісторыю Мосара, яго прыродныя і культурныя асаблівасці.